СМАЛЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1440,

выступленне жыхароў Смаленска супраць улады ВКЛ і за аднаўленне самастойнага Смаленскага княства. Пачалося вясной 1440, калі смаленскі ваявода А.​Саковіч пачаў прыводзіць смалян да прысягі на вернасць новаму вял. кн. ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку. У горадзе актывізавалася групоўка баяр і «чорных людзей», якая абапіралася на падтрымку ўшчэмленых у паліт. правах правасл. феадалаў усх. рэгіёнаў ВКЛ Карыстаючыся тым, што значная частка па-пралітоўску настроеных баяр выехала ў Вільню на выбранне новага вял. князя, частка жыхароў горада ўзняла паўстанне. Пасля перамогі над паўстанцамі Саковіч выехаў з горада, але смаляне не скарыліся і запрасілі да сябе ваяводам дарагабужскага кн. Андрэя Дзмітрыевіча, а потым «к собе оспадарем» мсціслаўскага кн. Юрыя Лугвенавіча (гл. ў арт. Мсціслаўскія). Ен вырашыў не падначальвацца Казіміру, арыштаваў у Смаленску баяр, што ездзілі да Казіміра, канфіскаваў іх маёмасць і раздаў яе сваім прыхільнікам. Як і ў 1432 (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), ВКЛ зноў апынулася на мяжы расколу на 2 дзяржавы. Казімір вырашыў задушыць мяцеж. Але пасланыя ім войскі прастаялі пад Смаленскам 3 тыдні, не наважыліся на штурм і вярнуліся назад. У ліст. 1440 сам Казімір з войскам пайшоў на Смаленск. Юрый, не маючы дастаткова сіл, уцёк у Маскву, а адтуль у Вял. Ноўгарад.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 15, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)